Версия для слабовидящих 7 клас — Средняя школа №7 г. Калинковичи
[an error occurred while processing the directive]

7 клас

Верш Максіма Багдановіча “Маёвая песня” – адзін з лепшых пейзажных твораў беларускай паэзіі


Музыка перш за ўсё…
Поль Верлен

Па-над белым пухам вішняў,

Быццам сіні аганёк,

Б’ецца, уецца шпаркі, лёгкі

Сінякрылы матылёк.

Навакол усё паветра

Ў струнах сонца залатых, –

Ён дрыжачымі крыламі

Звоніць ледзьве чутна ў іх.

І ліецца хваляй песня, –

Ціхі, ясны гімн вясне.

Ці ня сэрца напявае,

Навявае яго мне?

Ці не вецер гэта звонкі

Ў тонкіх зёлках шапаціць?

Або мо сухі, высокі

Ля ракі чарот шуміць?

Не паняць таго ніколі,

Не разведаць, не спазнаць:

Не даюць мне думаць зыкі,

Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.

Песня рвецца і ліецца

На раздольны, вольны свет.

Але хто яе пачуе?

Можа, толькі сам паэт.

1910

Паэт вельмі многа чытаў, у полі яго зроку былі пісьменнікі ці не з усёй Еўропы. Яму хацелася знаёміцца з творчасцю мастакоў слова не па перакладах, а ў арыгінале. Таму Максім Багдановіч старанна вывучаў розныя мовы. Ён ведаў больш за дзесяць еўрапейскіх моў. Беларускую, рускую і ўкраінскую настолькі дасканала, што на іх пісаў свае творы, а з французскай, італьянскай, грэчаскай, лацінскай і іншых умела перакладаў.

Невыпадкова ў якасці эпіграфаў да сваіх твораў беларускі паэт браў радкі вельмі многіх еўрапейскіх мастакоў слова, творчасць якіх добра ведаў. Але французскі паэт Поль Верлен займае ў ягонай творчасці першае месца. Максім Багдановіч пераклаў 22 ягоныя вершы. Чым захапляў Багдановіча Верлен? Ён блізкі беларускаму паэту па духу, светаўспрыманню, светабачанню.

Да верша «Па-над белым пухам вішняў…», які меў і другую назву – «Маёвая песня», невыпадкова ў якасці эпіграфа ўзяты радкі з твора Поля Верлена «Музыка перш за ўсё…». Беларускі паэт выдатна адчуваў пералівы, пераходы пачуцця лірыкі Верлена, музыкальнасць яго паэтычнага радка, падтэкст, «ціхамірнасць», пяшчотнасць ягонай паэзіі.

Паэт стварыў паэтычную карціну веснавой прыроды, калі яна вызначаецца багаццем фарбаў, убіраецца ў сваю чароўную сілу, зрабіў яе надзвычай кантраснай. Лірычны герой верша вызначаецца ўзвышанасцю, паэтычнасцю натуры, здольнасцю тонка, у багацці праяў успрымаць навакольны свет, адчуваць і разумець прыроду, злівацца з ёю душой, трапляць пад уплыў пейзажных малюнкаў. М.Багдановіч лічыць, што той, хто разумее прыроду, бачыць яе разнастайнасць і чуе шматгалоссе, духоўна больш багаты за тых, хто пазбаўлены такой здольнасці, бо паўней адчувае радасць жыцця. Аўтар трывожыцца за тых, хто не адчувае ўнутранай патрэбы назіраць за прыродай, услухоўвацца ў яе жыццё і багацець душой.

Як вынікае з эпіграфа, для Максіма Багдановіча важным была музыкальнасць твора. Верш быў пакладзены на музыку Ігарам Паліводам. Песня ўпершыню прагучала на Першым нацыянальным песенным фестывалі ў Маладзечне ў выкананні Алены Саўленайтэ.