У 1911 годзе Багдановіч прыязджае ў Вільню, былую сталіцу Вялікага княства Літоўскага, адзін з цэнтраў тагачаснага нацыянальнага жыцця беларусаў. Тут паэт пражыў усяго некалькі дзён, але дзён вельмі плённых, духоўна насычаных.
У Вільні Багдановіча пасялілі ў пакойчыку пры рэдакцыі газеты “Наша ніва”. Адзін з яе супрацоўнікаў, вядомы пісьменнік, вучоны, грамадска-палітычны дзеяч Вацлаў Ластоўскі доўгія гадзіны вёў з паэтам гутаркі пра Беларусь, яе культуру, пра слаўную гісторыю Бацькаўшчыны, пра багатую мастацкую спадчыну народа. Гутаркі дапаўняліся непасрэдным знаёмствам з творамі нашай даўніны: з беларускімі летапісамі, кнігамі Скарыны, іншымі старадрукамі, зборнікамі фальклору, Статутам Вялікага княства Літоўскага. Багдановіч быў уражаны, захоплены, узрадаваны, што наш народ мае такую багатую спадчыну, якой неабходна ганарыцца, якую трэба ведаць, каб адчуць сваю нацыянальную годнасць. Пад уражаннем ад пачутага і ўбачанага Максім Багдановіч напісаў цыкл вершаў “Старая Беларусь”, куды ўвайшоў верш “Слуцкія ткачыхі”.
У калекцыі, пра якую згадвалася раней, былі і слуцкія паясы – шэдэўры беларускага ткацтва. Слуцкія паясы ткаліся ў XVІІІ стагоддзі ў Слуцку, адкуль і пайшла іх назва. Спачатку паясы рабіліся па ўзорах, якія прывозілі з Блізкага Усходу – з Персіі, а затым мясцовыя майстры пачалі ўключаць у арнамент нацыянальныя матывы, кветкі беларускіх палёў і лугоў: васількі, незабудкі, жытнія каласы, дубовыя жалуды і інш. Вырабляліся паясы на тэрыторыі Беларусі не толькі ў Слуцку, але і ў Гародні, Нясвіжы, Ружанах.
Разглядваючы тое багацце, якое створана беларусамі, паэт разважаў пра лёс нацыянальнага мастацтва, думаў пра тых таленавітых людзей, якія пакінулі нашчадкам выдатную духоўную спадчыну. Невядома, ці сказалі ў Вільні тады паэту, што паясы ткалі не прыгонныя сяляне, а вольны люд. Галоўнае, што роздум творцы выліўся ў цудоўныя паэтычныя радкі – верш “Слуцкія ткачыхі”.