Жыццё паэта было кароткае, але за свае 25 гадоў на зямлі ён паспеў пакінуць беларусам багатую творчую спадчыну. Сваім паэтычным словам, усёй літаратурнай дзейнасцю Максім Багдановіч паспрыяў нацыянальнаму і духоўнаму адраджэнню Беларусі і яе народа. І тое не засталося без адказу. Паэзія класіка была і застаецца запатрабаваная і актуальная, яна знаходзіць шырокае адлюстраванне ў творчасці многіх культурных дзеячаў нашай краіны. Пра Багдановіча здымаюць дакументальнае і мастацкае кіно, яго асоба і творчасць становяцца тэмай работ мастакоў і даследчыкаў.
Творы паэта з’яўляюцца сапраўднай крыніцай натхнення для беларускіх кампазітараў. Многія вершы Максіма Багдановіча былі пакладзены на музыку і сталі неад’емнай часткай айчыннай музычнай культуры.
Мелодыка і спеўнасць вершаў Максіма Багдановіча сёння не выклікае сумнення. І, бадай, гэта найвялікшая з усіх адметнасцяў творчасці паэта. Кампазітары звярнуліся да творчасці Максіма Багдановіча ў 20-ым стагоддзі, пазней, чым гэта зрабіў народ, які распяваў «Лявоніху» ці не адразу пасля з’яўлення верша.