Ёсць у вясковай хаце месца, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Покуць – гэта пачэснае месца ў хаце, не забытай Богам. Покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым. Прыходзіла свята, Каляды ці Вялікдзень, і на покуці першы садзіўся гаспадар, а злева ад яго астатнія сямейнікі. І не абы як, а па старшынству. Маліліся, успаміналі добрым словам дзядоў і прадзедаў, частаваліся.
Покуць – гэта куточак храма ў хаце. Уверсе, пад самай столлю, вісяць абразы з выявамі Ісуса Хрыста і святых. Яны маўкліваю малітваю асвячаюць хату і жыццё людзей у гэтай хаце, на ўсёй сядзібе. Покуць прыгожа ўбіраецца. На абразы гаспадыня вешае ўзорныя ручнікі – набожнікі. На покуці мясціліся стол і лава. Стол выконваў ролю своеасаблівага хатняга алтара, таму ставіліся да яго з павагай і дапусціць на стол ката лічылася вялікім грахом, бо тут заўсёды знаходзіліся хлеб ды соль.
Ажыўлялі вясковую хату рэчы, зробленыя рукамі гаспадароў і вясковых умельцаў.