ГАРШЧОК — гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў.
Напачатку гаршчкі ляпілі, у тым ліку з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчкоў у іх выкарыстанні, формах, памерах у Беларусі замацаваліся ў мясцовых назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, збан.
Форма гаршчка добра прыстасавана для хуткага і раўнамернага награвання ў напаленай печы: круглы з пукатымі бакамі, звужаным плоскім дном і вусцем, абкружаным венцам.