ХУТ
У беларускай міфалогіі дамавы дух, які прыносіў гаспадарам грошы, зерне, поспех, але, калі яго не кармілі, мог жорстка адпомсціць.
Мог мець выгляд як маленькага хлопчыка ці карліка, так нежывых прадметаў — сукаватае палена, старое кола, сухі корч і г. д. З’яўляўся ў тых дамах, дзе калісьці разбэшчаныя дочкі забівалі сваіх пазашлюбных дзяцей ці патаемна расцілі іх няхрышчанымі. Душа такога дзіцяці і ператваралася ў Хута. Дураслівасць, гарэзлівасць, гуллівасць ён захоўваў назаўсёды: мог шкодзіць гаспадарам, жартаваць з гасцей: схаваць чужы капялюш, рассыпаць бабы і гарош, а да раніцы пазбіраць зноў у скрыні.
Кожны гаспадар павінен быў карміць Хута, прычым рытуальнай і адначасова традыцыйнай дзіцячай ежай — яешняй, якую пеклі з разбоўтаных яек і аздоблівалі малымі абаранчыкамі.
Хут найчасцей заставаўся нябачным, таму судзілі аб ім па яго ўчынках. Добра дагледжаны Хут дапамагаў гаспадарам, у такой сям’і заўсёды былі і харчы, і грошы. Калі ж Хута не даглядалі і не кармілі, ён мог адпомсціць — спаліць хату і двор, прычым суседзяў такі пажар зусім не закранаў. Сам Хут назіраў за вогнішчам і ператвараўся пры гэтым у нейкі непатрэбны прадмет. Калі нейкі сусед здагадваўся перанесці гэту рэч з пажарышча ў свой дом, у таго Хут жыў і прыносіў шчасце і багацце.