Пасля пераезду ў Ніжні Ноўгарад, жывучы самотна, прыгадваючы маму і тыя мясціны, дзе яны жылі дружнай сям’ёй, хлопчыку хацелася як мага больш даведацца пра тую краіну, дзе панавала шчасце, дзе была яна – яго мама.
Бацька Максіма любіў і высока цаніў кнігі. У іх доме была выдатная бібліятэка, у якой былі кнігі і пра Беларусь, напісаныя па-беларуску: слоўнікі, зборнікі фальклору. У маладосці Адам Ягоравіч сам цікавіўся легендамі, міфамі, песнямі, казкамі свайго народа, на аснове іх напісаў працу пра яго вераванні.
Вельмі часта Максім наведваў бацькаву бібліятэку, гартаў, чытаў кнігі пра сваю радзіму. Там па слоўніках, па казках, легендах, міфах, песнях далучыўся да мовы свайго народа. Пройдзе зусім нямнога часу, і ён, не чуючы натуральнага гучання мовы, авалодае ёю так, што пачне пісаць мастацкія творы па-беларуску. Чым больш чытаў Максім беларускіх кніг, тым больш захапляўся багатай фантазіяй беларусаў. Пазней у сваіх вершах ён дасць сваё разуменне такіх міфічных істот, як Лясун, Змяіны Цар, Вадзянік…
У вершы “Вадзянік” праз вобраз міфічнай істоты, праз паказ таго асяроддзя, дзе яна жыве, паэт раскрыў сваё ўяўленне, якім трэба быць чалавеку, якіх ідэалаў прытрымлівацца. Аўтар пратэстуе супраць тых людзей, хто бяздзейнічае, не спрабуе змяніць абставіны на сваю карысць, хто пазбаўлены прагі паўнавартаснага жыцця.